Новости Вилейщины
29.09.2016
Стартаваў новы праект “Інтэлектуальны квэст для дзяцей у бібліятэцы”

У гэтым годзе Раённай бібліятэцы споўнілася 70 год.  Упершыню яе дзверы адчыніліся для чытача яшчэ ў 1946 годзе ў вёсцы Куранец. Змяняліся часы і погляды на жыццё, але бібліятэка заўсёды заставалася патрэбнай людзям. І ўсё гэта дзякуючы таму, што яна, захоўваючы свае лепшыя традыцыі,  непазбежна ідзе ў нагу з часам.

Як прыцягнуць дзяцей і моладзь новага пакалення да чытання? Якімі спосабамі і сродкамі дабіцца таго, каб паход у бібліятэку стаў прыемнай і звыклай справай? Зразумела, што дзейнасць бібліятэк павінна быць накіравана на вывучэнне інтарэсаў карыстальнікаў і адпавядаць крэатыўнасці  мыслення юных чытачоў. Таму сучасная бібліятэка павінна стаць месцам, дзе можна цікава правесці час. А бібліятэкарам неабходна ўлічваць моладзевыя захапленні і  выкарыстоўваць іх у сваёй дзейнасці, укараняць новыя крэатыўныя формы работы з дзецьмі і юнацтвам.

Менавіта таму ў ДУК “Вілейская раённая цэнтральная бібліятэка імя Г. Новік” стартаваў новы праект “Інтэлектуальны квэст для дзяцей у бібліятэцы”.

У моладзевым асяроддзі папулярны гульні жывога дзеяння, адной з разнавіднасцяў якіх і з'яўляюцца квэсты. Квэст дазволіць лепш пазнаёміцца ​​з бібліятэкай і яе фондамі, развіць эрудыцыю і праявіць знаходлівасць, навучыць дзяцей працаваць у камандзе і псіхалагічна зблізіць удзельнікаў падзеі. Інтэлектуальны квэст прыводзіць ігракоў да думкі, што галоўнае багацце – гэта багацце ведаў, кнігі і інфармацыі.

Першая гульня праекта стартавала 23 верасня ў Раённай бібліятэцы. У квэсце «Падарожжа з кнігай па любімаму гораду» прынялі ўдзел вучні дзявятых класаў Вілейскай гімназіі №1 “Логас”.

Перад удзельнікамі гульні гасцінна расчынілі свае дзверы бібліятэкі горада. Маршрут прайшоў па месцах, тэматычна звязаных з чытаннем, кнігамі, літаратурнымі дзеячамі. Знаўцаў гарадской гісторыі і геаграфіі чакалі не толькі відавочна названыя адрасы, але таксама лагічныя заданні і нескладаныя загадкі на кемлівасць.

А дзяцей меншага ўзросту ў кастрычніку чакае яшчэ адна гульня гэтага праекта -- дэтэктыўны квэст для дапытлівых дзетак «Невероятное похищение». Падрабязную інфармацыю вы можаце знайсці на сайце  villib.by  Дзяржаўнай установы культуры “Вілейская раённая цэнтральная бібліятэка імя Ганны Новік”.

Кожная сучасная бібліятэка павінна знайсці свой твар, сваю нішу, зразумець, куды рухацца далей. А  для гэтага неабходна прывабіць чытачоў, знайсці аднадумцаў і рэалізаваць задуманае. І гэты праект стане адной з прыступак на шляху вырашэння праблем кнігі і чытання.

Загадчыца аддзелам бібліятэчнага маркетынгу

ДУК “Вілейская раённая цэнтральная бібліятэка імя Ганны Новік”.

Інна Лазар





Все новости рубрики
 
Интернет-ресурсы
 
© 2008 Вилейский районный
исполнительный комитет
Разработка БЕЛТА
Информационно-техническая поддержка УП «Минская волна»