Новости Вилейщины
22.08.2016
Яблычны спас

Спасаўскія святкі ў беларускім народным календары складаюцца з трох частак: 14 жніўня – Першы або Мядовы Спас, Макавей, 19 жніўня – Другі Спас, які яшчэ называюць Вялікім, Сярэднім, Яблычным, і 29 жніўня – Трэці ці Малы, Хлебны, Арэхавы Спас, Спас на палатне.

Яблычны Спас альбо Другі Спас – асноўнае і галоўнае спасаўскае свята ў беларусаў. У гэты дзень у царкве асвячалі новы ўраджай – яблыкі і грушы, якія з гэтага часу дазвалялася есці, бо канчаткова даспелі і былі прыгодныя для ежы. Па народнаму паданню лічылася, што ў гэты дзень Бог адорвае душы памерлых дзяцей “райскімі яблычкамі”. Таму ў народзе з даўніх часоў шанавалася традыцыя – “перш чым сабе – продкам” – ахвяраванні з новага ўраджаю ў падзяку за спагаду, дапамогу і дабрабыт.

У гэты дзень на стале галоўнай прысмакай з’яўляліся прыгожыя наліўныя яблыкі. З іх пяклі пірагі, смажылі ў печы, дадавалі да бліноў, варылі кампоты і кісялі. Перш чым пачаць святочную ежу, праводзілі абрад “Адорванне яблыкамі”, потым частаваліся, пелі песні, глядзелі па прыкметах, якая будзе зіма і вясна.

У гэты святочны дзень, 19 жніўня, Народная студыя вілейскіх народных абрадаў і традыцый “Краявід” Вілейскага краязнаўчага музея, кіраўніком якой з’яўляецца Надзея Аўдзей, правяла фальклорна-абрадавае мерапрыемства “Сонечнае свята – Яблачны Спас” для клуба “Маладая сям’я”, які дзейнічае пры ДУ“ВТЦСАН” (кіраўнік – Харужая Алена Мікалаеўна). Яно прайшло на культурна-турыстычным аб’екце “Вільянін хутар”. Удзельнікаў сустракалі каля сімвалічнай аркі шчасця, правялі да святочнага стала, на якім стаялі прысмакі з яблыкаў і правялі старажытны абрад “Адорванне яблыкамі”.

Гаспадыня мерапрыемства кожнага ўдзельніка частавала-адорвала наліўнымі яблыкамі, якое яны павінны былі з’есці сваёй сям’ёй, каб цэлы год быць здаровымі, бо лічылася, што ў гэты дзень яблыкі набываюць лекавую сілу ад усіх хвароб, а потым частавала яблычным печывам.

На працягу ўсяго часу ўдзельнікі спявалі песні, вадзілі карагод, удзельнічалі ў віктарыне і конкурсах, а на прыканцы разам праспявалі народную песню “Святы Спасік, пільны часік…”.

Кіраўнік Народнай студыі вілейскіх народных абрадаў і традыцый “Краявід”Вілейскага краязнаўчага музея Аўдзей Н.В.



Все новости рубрики
 
 
© 2008 Вилейский районный
исполнительный комитет
Разработка БЕЛТА
Информационно-техническая поддержка УП «Минская волна»