Новости Вилейщины
20.08.2015
КУТОЧАК СЭРЦУ ДАРАГІ

“Спас – усім рабочы час” – так гучыць народная прыкмета. Але для жыхароў аграгарадка Куранец гэта асобы дзень, мінавіта 19 жніўня споўнілася 660 год з дня аснавання вёскі. У гэты дзень жыхары Куранца святкавалі свята сваёй вёскі.

Куранцу пашанццавала, тут жывуць людзі, якія сапраўды вельмі любяць сваю вёску, яе мінулае і сучаснае, спадзяюцца і вераць ў яе будучыню.

Ясным жнівеньскім днём сабраліся на свята ўсе жыхары, каб успомніць мінулыя дні, каб пацешыцца поспехамі адзін аднаго, і каб яшчэ раз упэўніцца ў тым, што няма на свеце больш цудоўнага куточка, чым той, дзе ім пашанцавала нарадзіцца і вырасці.

Свята пачалося з прамовы куранецкага свяшчэнніка айца Аляксандра, які ад усяго сэрца павіншаваў са святам і выказаў шчырыя пажаданні жыхарам. Для урачыстага адкрыцця мерапрыемства быў запрошаны старшыня сельвыканкама Уліцкі Віктар Васільевіч. Ён звярнуўся да жыхароў з віншаваннямі і аддаў павагу дзядам і бацькам нашым, рассказваючы пра гісторыю утварэння вёскі.

На свяце прысутнічала шмат вяскоўцаў, якія пачулі ў свой адрас добрыя словы і музычныя віншаванні.

Вядучыя свята Ліза Ярмоленка і Павел Цыркулеўскі для кожнага знаходзілі простыя, пранікнёныя словы, яны распавялі пра гістарычнае мінулае вёскі і яе жыхароў.

Праца ў вёсцы – аснова жыцця. На свяце былі адзначаны тыя, кім па праву можна ганарыцца, хто працуе ў полі і на ферме, вырошчвае хлеб, уносячы часцінку свайго сэрца ў гэтую нялёгкую справу.Словы ўдзячнасці гучалі для працаўнікоў жывёлагадоўчай галіны.

Памятнымі падарункамі былі ўзнагароджаны самы старэйшы жыхар вёскі Шубэрцій Сямён Іосіфавіч, яму сёлета споўнілася 97 год, і самая маленькая жыхарка Аўсянік Кацярына.

“Жыццё пражыць, не поле перайсці”. Такімі словамі была прадстаўлена і прыняла памятны падарунак ад старшыні сельвыканкама самая старэйшая пара вёскі, якая адсвяткавала 67 год сумеснага жыцця – Трубач Іосіф Іосіфавіч і Ніна Іванаўна. Ну, а паколькі 2015 – год моладзі, асобая увага дасталася самай маладой сям’і – Сабінскай Ганне І Бандурыну Ігару.

На свяце гучалі словы удзячнасці ветэранам Вялікай айчыннай вайны. Шчырыя словы падзякі прагучалі для воіна-інтэрнацыяналіста – Кронда Уладзіміра Аляксандравіча.

Памятным падарункам на свяце быў узнагароджаны жыхар вёскі Баравы Сяргей, які у гэты дзень адзначыў свой дзень нараджэння.

Нямала цудоўных слоў было сказана у адрас людзей, якія шмат гадоў працуюць на карысць Куранца у розных сферах дзейнасці: адукацыі і культуры, аховы здароўя, гандлю і г.д.

Не засталіся без увагі і мнагадзетныя сем’і Завадскіх і Боханаў.

На свяце парадавалі ўсіх сваім майстэрствам мясцовыя артысты. Цудоўнымі спевамі здзіўлялі усіх Яна Дзік, сямейны гурт “Святліца”, дзіцячы фальклорны гурт “Ліхтарыкі”, гурт “Куранчанка”. Асобныя словы падзякі хацелася б выказаць спецыялістам Вілейскага раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы – Язневіч Крысціне Дзмітрыеўне і Баўтрукевічу Андрэю Аляксандравічу за аказаную дапамогу.

Больш за дзве гадзіны доўжылася канцэртная праграмма, але час прабег незаўважна. Самае галоўнае, што такія святы аб’ядноўваюць людзей, бо тут жывуць тыя, хто сапраўды любіць сваю вёску.








Все новости рубрики
 
 
© 2008 Вилейский районный
исполнительный комитет
Разработка БЕЛТА
Информационно-техническая поддержка УП «Минская волна»